Святлана Ціханоўская пра цяжкасці працы медыкаў у Беларусі ў Дзень медыцынскага работніка

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

Святлана Ціханоўская — з нагоды Дня медыцынскага работніка: 

«Медыкі — гэта людзі, якія штодня бяруць на сябе адказнасць за чалавечае жыццё і здароўе. Іх праца патрабуе шмат самаадданасці: цэлыя гады ідуць на атрыманне ведаў і напрацоўку навыкаў, а кожны дзень на праце патрабуе цярпення, прафесіяналізму і мужнасці. У дадатак да гэтага быць медыкам у Беларусі цяпер — гэта таксама працаваць ва ўмовах пастаяннага дэфіцыту кадраў, перагрузак і адміністрацыйнага ціску. Адно з даследаванняў паказала, што 68% лекараў у Беларусі незадаволеныя ўмовамі працы. Кожны год у краіне скарачаецца колькасць бальніц, не хапае лекараў і неабходных лекаў, а многія спецыялісты вымушаныя пакідаць прафесію ці з’язджаць за мяжу.

Замест таго каб падтрымліваць медыцынскіх работнікаў, улады ўсё часцей успрымаюць іх як рэсурс, які можна выкарыстоўваць без абмежаванняў. Беларускія лекары рэгулярна працуюць значна больш за ўстаноўленую норму, сутыкаюцца з неаплатнымі перапрацоўкамі і бюракратычнай нагрузкай. Тым, хто хоча змяніць месца працы або з’ехаць з краіны, ствараюць дадатковыя перашкоды. А на справядлівыя скаргі пра цяжкія ўмовы працы яны чуюць у адказ: «Не трэба плакацца, што вы больш за 8 гадзінаў у суткі працуеце. Колькі трэба, столькі і працуем».

Не з такой абыякавасцю трэба ставіцца да людзей, якія кожны дзень аддаюць усіх сябе ратаванню чужых жыццяў. Быць лекарам — значыць працаваць на карысць іншых, кожны дзень знаходзіць у сабе сілы на дапамогу людзям. Рэжыму гэтага не зразумець. Але беларусы гэта разумеюць. 

Вашая праца — велізарная каштоўнасць, а вашае служэнне людзям заслугоўвае павагі і падтрымкі. Дзякуй вам, дарагія медыкі».