Ну вядома ж, не выпадковыя. Дачка валанцёрыць ва Украіне, ды і самі прыстойныя людзі, не ябацькі. Хоць зараз і ябацькам часам прылятае. Чаму пацукі іх пераследуюць? Бо могуць і хочуць.
Ведаеце, у апошнія часы зноў з’явіўся гэты дыскурс пра “прабачэнне сілавікоў”. А калі нешта шмат разоў паўтараць, то гэта нешта пачынае быццам нармалізавацца ў думках грамадства. Напрыклад, у былых зняволеных пытаюцца, ці прабачылі б яны сваіх катаў.
Людзі, вядома ж, розныя. Камусьці каб жыць далей трэба прабачыць, камусьці – абавязкова дамагчыся справядлівасці, камусьці нічога не трэба, можна проста жыць. Таму чалавецтва вынайшла крымінальны кодэкс, ну, каб пакаранне за самыя цяжкія злачынствы не залежала ад поглядаў ахвяры злачынства. Ахвяра злачынцу можа і прабачыла, а закон – не. Бо прававая сістэма павінна па магчымасці яшчэ і прадухіляць новыя злачынствы і не дапускаць з’яўлення новых ахвяр.
Заўсёды былі і будуць гуманісты, якія на кдбшнікаў і губазікаў глядзяць як на вампіраў з гатычных апавяданняў: яны не чыстае зло, так сталася, яны дзеля выжывання кроў смокчуць. Будуць шукаць для вампіраў выйсце. Спадар вампір, можа, вам гематагенку? Можа, вас прыпісаць да банка крыві, можа, мы будзем кроў па чарзе здаваць на вашы патрэбы?
Але спадару вампіру не патрэбная гематагенка. Насамрэч, яму і кроў не патрэбная для выжывання, ён на бульбе з салам і гарэлкай добра б сябе адчуваў. Яму смак крыві падабаецца. А яшчэ падабаецца працэс яе здабычы. Ён робіць тое, што робіць, бо можа і хоча.
Шмат злачынстваў лёгка апраўдаць, шмат злачынстваў – і не злачынствы ў пэўнай сітуацыі. Можна забіць абараняючыся, ці скрасці, бо дзеці галодныя. Але не ўсё, не ўсё. Гвалтаўнік заўсёды гвалтуе, бо можа і хоча. І кат катуе, бо можа і хоча. І дыктатар ператварае краіну ў канцлагер, бо можа і хоча, а не таму, што цяжкое дзяцінства і страшны пуцін побач. І дарэчы, усе яны спадзяюцца, што ім за гэта нічога не будзе, – добрыя людзі прабачаць. Ну, калі потым папрасіць прабачэння. А можна і не прасіць, усё роўна прабачаць.
І вельмі хацелася б, каб кожны, хто чуе пра “прабачэнне”, не думаў пра бедных сілавікоў, якім трэба карміць свае сем’і і плаціць крэдыты, а ўзгадваў сям’ю Корсакавых, што атрымалі шалёныя тэрміны проста ў якасці помсты дачцэ. Ці сям’ю Піпія, і як маці памірала, пакуль абодва сыны сядзелі. Ці Мікіту Залатарова і яго бацьку Міхаіла Лапунова. Ці забітых у турмах і не ў турмах – яны ўжо нікога не змогуць прабачыць. Ёсць каго ўзгадаць. І адразу з’явіцца адказ на пытанне наконт прабачэння.
Свабоду Дзмітрыю і Таццяне Корсакавым!
Свабоду ўсім палітвязням!
А катаў – за краты!
Жыве Беларусь!