У Беларусі асудзілі чалавека за адмаўленне генацыду і фота пустых вуліц Менска

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

​​Там мянты пахваліліся, што асудзілі чалавека за “адмаўленне генацыду беларускага народа”. І вось сярод яго “злачынстваў” было адно незвычайнае: ён выкладаў недзе ў сацсетках фота пустых беларускіх вуліц.

Аматары генацыду, вядома ж, знойдуць той генацыд (ці яго адмаўленне) дзе заўгодна. Але цікава, што пустыя вуліцы нервуюць іх не менш за фоткі дронаў ці інфармацыю пра праблемы на дзяржпрадпрыемствах.

А потым, так сталася, з’явіўся яшчэ допіс спадарыні ван Састэрэн, жонкі Коўла, якую чапаць нельга,  з  відэа Менска, і допіс разляцеўся па сацсетках. І вось ужо нават тыя, хто ў Беларусі ніколі не быў, могуць палюбавацца на нашу сталіцу, такую прыгожую, але бязлюдную. Ні табе шчаслівых ябацек са сцяжкамі, ні брсмаўцаў, нават мянтоў не бачна.

І ведаеце, краіна – гэта, канешне, людзі, і тысячы людзей пакутуюць кожны дзень, за кратамі і на волі, і шмат чаго яшчэ адбываецца: то бізнес збанкруцілі, то гістарычны будынак знеслі, то дрэвы спілавалі, то на чырвонакніжных жывёл палююць. Злачынная ўлада адказная за розныя віды злачынстваў, і за допіс пра кожнае з іх можна атрымаць тэрмін. І на фоне ўсяго гэтага ў бязлюдных гарадах няма анічога страшнага ці дрэннага.

Вось толькі ў гэтых пустых вуліцах такі нявыказаны сум, быццам краіна – жывая істота, супраць якой таксама здзейснілі злачынства і п’юць яе жыццё, яе кроў кожны дзень, кропля за кропляй. Для гэтага злачынства няма артыкулаў у крымінальным  кодэксе, але яго сведак пацукі таксама караюць.

Але гэта ці не адзінае злачынства, наступствы якога ў свой час выправяцца самі. Беларусь чакае, калі вуліцы яе гарадоў зноў ажывуць. І беларусы чакаюць. І хто ведае, можа спадарыня ван Састэрэн зробіць яшчэ адно відэа, дзе Менск не толькі прыгожы, але і шчаслівы.

Жыве Беларусь!