Анджэй Пачобут нарэшце на волі – стомлены, схуднелы, толькі вочы не змяніліся. Яго сустракае прэм’ер-міністр, у яго бярэ інтэрв’ю самае вядомае польскае выданне. Польшча вітае свайго героя. А Анджэй Пачобут трымае ў руках беларускі пашпарт і кажа, што абавязкова вернецца ў Беларусь.
Бо ён герой не толькі Польшчы.
Балюча, што Беларусь не можа зараз прывітаць яго так, як мы ўсе б таго хацелі. Ён разумее, але ўсё адно балюча.
Стагоддзямі нашых герояў шануюць за мяжой, а на радзіме добра, калі знойдзецца памятная шыльда. Але ўсё змяняецца. Будзем яшчэ ставіць помнік Касцюшку замест леніна, будзем выбіраць, які сквер ці вуліцу ў Менску назваць у гонар Эміліі Плятэр. Аднавім магілы польскіх партызан. Пройдуць выставы, прысвечаныя гістарычным і культурным сувязям Беларусі і Польшчы. І абавязкова на кожнай імпрэзе будзе прысутнічаць адзін сціплы і сур’ёзны чалавек. А палякі і беларусы будуць казаць адзін аднаму: “глядзі, гэта Анджэй Пачобут – наш герой”.
Жыве Беларусь!