Святлана Ціханоўская: «Сёння праваабарончай арганізацыі «Вясна» спаўняецца 30 гадоў. 30 гадоў таму г…

Святлана Ціханоўская: «Сёння праваабарончай арганізацыі «Вясна» спаўняецца 30 гадоў. 30 гадоў таму гэта арганізацыя з’явілася, таму што нехта павінен быў застацца на баку чалавека, калі дзяржава ад гэтай ролі адмовілася. На жаль, за ўсе гэтыя гады дзяржава так і не вярнулася на бок людзей. Затое «Вясна» ніколі яго не пакідала.

Сёння за праваабарончую дзейнасць у Беларусі людзі плацяць свабодай. Яны рызыкуюць усім, каб фіксаваць праўду і абараняць тых, каму патрэбна дапамога. Немагчыма ацаніць уклад, які «Вясна» ўжо аказала і працягвае аказваць у жыцці тысячаў беларусаў і беларусак. 

Некалькі дзён таму я наведала цырымонію, прысвечаную юбілею «Вясны». Цёпла і радасна бачыць новыя твары сярод праваабаронцаў, юрыстаў і валанцёраў. Людзі, што пражылі менш, чым існавала «Вясна», але ўжо зрабілі свой унёсак у агульную справу. Шкада, што многім з вас даводзіцца дзейнічаць ананімна і вы не можаце атрымаць тое грамадзянскае прызнанне, якое заслугоўваеце. Але ведайце: мы бязмерна вам удзячныя. Менавіта дзякуючы вам «Вясна» застаецца сімвалам сумлення і падтрымкі.

Асаблівая радасць — бачыць, як тыя, хто былі несправядліва асуджаны ў Беларусі, выходзяць на волю і вяртаюцца да праваабароны: Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Марфа Рабкова, Наста Лойка, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк. Бачыць, як вы зноў уключаецеся ў дапамогу людзям без усялякіх сумневаў, выклікае глыбокае захапленне і павагу.

Дзякуй кожнаму і кожнай з вас за гэтыя 30 гадоў. Без людзей, якія аддана абараняюць іншых, немагчыма пабудаваць нармальную будучыню. І пакуль у краіне грэбуюць правамі чалавека і пануе беззаконне, мы будзем працягваць гэтую працу — разам».