Трыццаць гадоў – значная дата для грамадскай арганізацыі. На дзень народзінаў звычайна падводзяць вы…

Трыццаць гадоў – значная дата для грамадскай арганізацыі. На дзень народзінаў звычайна падводзяць вынікі, узгадваюць, што было зроблена, і жадаюць у будучыні зрабіць яшчэ больш.

Але для вясноўцаў лепшым падарункам было б прачнуцца ў свеце, дзе іх праваабарончая праца і досвед больш не патрэбныя, і можна жыць звычайным жыццём.

Такога падарунка пакуль не будзе, і свету, у якім мы ўсе прачынаемся сёння, вельмі патрэбна “Вясна”. Але. Гэтая гадавіна асаблівая. Не таму, што прыгожая дата, а таму, што шмат тых, хто раней не мог адзначыць яе на волі, цяпер святкуюць разам з калегамі і атрымліваюць віншаванні.

Дарагія вясноўцы! Няхай яшчэ шмат працы наперадзе, і свята выпадае на сумную дату. У ваш дзень жадаем вам здароўя і сіл, і каб сябры і родныя былі побач, і каб у сваёй працы вы заўсёды адчувалі падтрымку, і каб яшчэ хапала часу на сябе. З днём народзінаў, і дзякуй вам!

Жыве Вясна!
Жыве Беларусь!