Усім, хто святкуе сёння Вялікдзень, мы жадаем сіл і веры ў сэрцы, і няхай любоў сагрэе кожнага і кож…

Усім, хто святкуе сёння Вялікдзень, мы жадаем сіл і веры ў сэрцы, і няхай любоў сагрэе кожнага і кожную ў гэтыя халодныя дні.

Наста Кудасава – Верш для Тані
Таццяне Гацуры-Яворскай

Хай дзічэе вясна, хай лютуюць бязродныя чэрці,
хай спадаюць у шэрую твань кураняты мімоз —
застаецца жыццё
ў кожнай ране, якую не сцерці.
Нам балюча, а значыць — мы ёсць, мы жывыя, мы моц.
Бо не ў хісткай раскошы палацаў,
не ў трэндах густоўных,
не ў сланоў на плячах,
не на спінах старых чарапах —
свет заўсёды трымаўся на тых, каму не ўсё роўна,
хто за праўду і волю ўставаў, перакрочыўшы страх.
Бо заўжды застаецца жыццё,
бо сказаў нам «Не бойся!»
Той, Хто зноў уваскрэсне вясной, як бы свет ні дзічэў.
Нам балюча, а значыць — мы ёсць, мы расцём,
мы калоссе…
Гэта з нас найдыхтоўнейшы хлеб сабе Госпад пячэ.

Са святам!
Жыве Беларусь!