Ці ведалі вы, што жанчыны ў БНР атрымалі тыя ж правы, што і мужчыны, – раней чым у большасці краін Еўропы?
25 сакавіка 1918 года Трэцяй устаўной граматай была абвешчаная незалежнасць БНР. А за два тыдні да гэтага – у Другой устаўной грамаце – была абвешчаная роўнасць усіх грамадзян незалежна ад полу. Такім чынам, у заканадаўчых актах БНР дэкларавалася роўнасць жанчын і мужчын перад законам і іхняе права ўдзельнічаць у выбарах.
Наколькі гэта было прагрэсіўным на той час? У значнай частцы Заходняй Еўропы жанчыны атрымалі паўнавартаснае выбарчае права пазней – ад пачатку 1920-х да сярэдзіны 1940-х, а ў асобных выпадках нават у 1970-х. Напрыклад, у Францыі жанчыны маглі галасаваць толькі з 1945 года, у Італіі – з 1946, а ў Швейцарыі – толькі з 1971.
Беларуская дзяржава абвяшчала роўнасць усіх. Гэтую ідэю возьмуць сабе бальшавікі, каб усталяваць і замацаваць сваю ўладу. Але ніякай роўнасцю ў іх і не пахла.