5 кастрычніка 2020-га прайшоў першы марш пенсіянераў.
Потым нашыя маршы адбываліся кожны панядзелак да 21 снежня, пакуль насілавікі не задушылі іх.
Што можа больш красамоўна характарызаваць рэжым, супраць якога паўсталі пенсіянеры і які жорстка змагаецца з імі?
Мы былі рознага ўзросту і рознага стану здароўя – найстарэйшай з нас было 90 гадоў, многія ішлі з кіёчкам і нават на мыліцах. Але нас аб’ядналі прага справядлівасці, абурэнне хлуснёй і гвалтам улады.
Ніколі не забудзем тое пачуццё адзінства.
Незабыўная і падтрымка моладзі, якая вітала нас на працягу ўсяго шляху і сустракала напрыканцы маршаў з падзякамі і прапановамі адвезці дадому.
Многія з нас пазнаёміліся на тых маршах і сябруюць дагэтуль, а кагосьці з нас ўжо няма ў жывых, і вельмі горка, што яны не пабачаць здзяйсненне сваёй мары – дэмакратычную Беларусь.