​​Пяць гадоў мы назіраем, як пацукі намагаюцца як мага больш людзей запэцкаць сваімі пацуччымі справ…

​​Пяць гадоў мы назіраем, як пацукі намагаюцца як мага больш людзей запэцкаць сваімі пацуччымі справамі. І, ведаеце, часам некаторыя людзі і самі не супраць запэцкацца, у вельмі нечаканых сітуацыях.

Ігара Ільяша, журналіста і мужа Кацярыны Андрэевай, асудзілі да чатырох гадоў зняволення. Падставай сталі яго артыкулы. “Суд” браў перапынак у паўгады, каб падрыхтаваць псіхалінгвістычную экспертызу гэтых артыкулаў. Вядома ж, “суд” бутафорскі, чалавека судзяць, бо трэба пасадзіць, а не за пэўныя тэксты. І экспертыза, здаецца, таксама павінна быць “для галачкі”. Ну напіша нейкі кдбшнік “я знайшоў тут экстрэмізм”, вось і экспертыза. Але не ў выпадку Ільяша, бо “экспертызу” рыхтаваў не сілавік і не чыноўнік, а выкладчык БДУ, доктар філалагічных навук Сяргей Лебядзінскі.

Насамрэч, лёгка ўявіць, як на нейкае там дзяржпрадпрыемства ў невялікім горадзе прыходзіць ідэолаг і кажа, што ўсім працоўным трэба патрымаць чырвона-зялёныя сцяжкі на ябацінгу, і за гэта будзе прэмія, а як не прыйдзеш, то будуць праблемы. Але вось кдбшнікаў, якія прыходзяць ва ўніверсітэт да паважанага навукоўца і патрабуюць зрабіць экспертызу з пэўнымі вывадамі, уявіць ужо неяк складана.

Больш за тое, “экспертыза”, як высветлілася, не падобна на экспертызу, і нават на бутафорыю не падрбна. А падобна яна на прапагандысцкі артыкул. Журналіст быццам не можа карыстацца словамі “палітвязні”, “палітэмігранты” і “дыктатура”, бо ў Беларусі іх няма (чакайце, а як жа “дыктатура – наш брэнд”?), а вайну Расія вядзе не супраць Украіны, а супраць “кіеўскага рэжыму”. Аналізу ў працы “паважанага эксперта” няма, спасылак на навуковыя ці юрыдычныя крыніцы няма, толькі прапаганда.

Сам жа “паважаны эксперт” паходзіць з Данецку, доўгі час жыў у Расіі, і ўвогуле тыповы адэпт рускага свету, які апантана піхае свой рускі свет ва ўсе шчыліны, якія знойдзе.

Што тут можна сказаць акрамя “шкада студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ”? Нам здаецца, галоўнае – што мы ведаем імя “эксперта”. Лебядзінскі хлусіць у судзе, распальвае варажнечу і ўдзельнічае ў фабрыкацыі крымінальнай справы. Ён – не статыст, не проста выпадковы чалавек з пра-расейскімі поглядамі. Ён добраахвотна ўдзельнічае ў злачынстве, хутчэй за ўсё, не ў першы раз. Ён злачынца. Але, у адрозненне ад большасці крымінальнікаў, ён сам дакументуе свае злачынствы.

Што ж. Судовыя дакументы не гараць. Яны ляжаць ціхенька ў сваіх чорных папках і чакаюць іншых судоў, на якіх сённяшнія “эксперты” ператворацца ў абвінавачаных.

Свабоду Ігару Ільяшу!
Усе злачынцы адкажуць!
Жыве Беларусь!