​​Яўгену Краснянскаму прысудзілі 7,5 гадоў у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за “здраду дзяржав…

​​Яўгену Краснянскаму прысудзілі 7,5 гадоў у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за “здраду дзяржаве”. Мы, здаецца, прывыклі ўжо, што дзяржава лічыць здрадай усялякія абсурдныя рэчы. Як жа “здрадзіў” Яўген Краснянскі? Правёў сацыялагічнае даследаванне пра кавід у Беларусі.

Злачынцы часам ганарацца сваімі злачынствамі, а часам хаваюць іх. Ну, усе чулі пра закрытыя архівы НКУС і гэтак далей. І лукашысты, якія здымаюць пакаяльня відэа са збітымі людзьмі і нават паказваюць іх на тэлебачанні, адкрыта кажуць “часам  не да законаў” і “дыктатура – наш брэнд”, чамусьці вельмі не любяць апублічвання інфармацыі пра кавід. Статыстыку смяротнасці ў свой час прыхавалі, зараз незалежнае даследаванне прызналі здрадай дзяржаве.

І, ведаеце, нам здаецца, усе злачынствы, якія мы бачым, – гэта толькі вяршыня чырвона-зялёнага айсберга. А пра тую частку айсберга, што пад вадой, звычайна не кажуць, можа нават забываць сталі.

Дык вось, нельга забываць. Тысячы памерлі,  людзі самі збіралі грошы на базавыя сродкі абароны для медыкаў. Праз фонды, якія дарэчы потым былі прызнаныя экстрэмісцкімі. І хто б што ні казаў, але кавід быў адной з прычын 2020 г. Беларусы разумелі, што ўлады спачатку кінулі грамадзян сам-насам з небяспечнай хваробай, а потым зрабілі выгляд, што нічога не здарылася.

Але інфармацыя больш не абмежавана паперкамі ў засакрэчаным архіве, схаваць яе не атрымаецца. Гэта вялікае, страшнае злачынства ў будучыні будзе расследавана, як будуць расследаваны катаванні, забойствы за кратамі, знікненні людзей, выбух у метро. І калі мы кажам “не забудзем, не даруем”, то гісторыя с кавідам – таксама ў спісе.

Свабоду Яўгену Краснянскаму!
Усе злачынцы адкажуць!
Жыве Беларусь!