25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет прыняў гістарычнае рашэнне – надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным сувер…

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет прыняў гістарычнае рашэнне – надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. Гэта быў фактычны акт набыцця рэальнай незалежнасці – краіна канчаткова выйшла з-пад улады расеі.

Шлях да гэтага акта пачаўся 27 ліпеня 1990 года, калі парламент прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце – хоць яна ўспрымалася камуністамі як фармальны акт. Дэпутаты БНФ яшчэ ў красавіку прапанавалі сваю дэкларацыю, якую не прынялі. Пазней камуністы прапанавалі сваю – прынцыпова замест БНФаўскай.

Падчас галасавання дэпутаты ад БНФ пакінулі залу ў знак пратэсту – гэта быў палітычны ход, каб прымусіць камуністаў хаця б прыняць сваю ўласную версію дэкларацыі. У ёй быў адзін пункт, супраць якога БНФ рашуча выступаў, – магчымасць уступлення ў ваенныя саюзы. Астатнія ж палажэнні камуністы перанялі часткова і з дэкларацыі БНФ, таму тэкст не быў цалкам шкодны. Крытычным на той момант было, каб дэкларацыя ўвогуле была прынятая.

Але ўжо на наступны дзень камуністы самі паспрабавалі яе адмяніць, бо ўспрымалі як небяспечны крок і ўсё яшчэ лічылі яе фармальнай.

Сітуацыя да жніўня 1991 года ўжо была крытычнай: у пачатку года савецкая эканоміка развальвалася, паўсюдна не хапала прадуктаў, пачаліся масавыя пратэсты і забастоўкі. У гэтай абстаноўцы савецкае кіраўніцтва рыхтавалася да захавання ўлады любым коштам. 18 жніўня быў створаны ГКЧП — Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы, у які ўвайшлі вышэйшыя функцыянеры КПСС, кіраўнікі КДБ, прадстаўнікі арміі і міністэрства ўнутраных спраў. Яны спрабавалі спыніць распад СССР і не дапусціць падпісання новай саюзнай дамовы, якая давала рэспублікам большую самастойнасць.

Путч праваліўся праз некалькі дзён, але менавіта ён стаў трыгерам, пасля якога рэспублікі пачалі абвяшчаць незалежнасць адна за адной. Беларусь зрабіла гэта 25 жніўня 1991 года, стаўшы шостай краінай СССР, якая юрыдычна замацавала сваю незалежнасць.

Дэпутаты БНФ склікалі пазачарговую сесію, вывелі людзей на вуліцы – і пад ціскам грамадства 25 жніўня 1991 года дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона. Менавіта гэта стала краевугольным момантам незалежнасці.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee