21 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень паэзіі
Да гэтай даты — новы верш Андрэя Хадановіча.
Дно паэзіі Вясна прыйшла ў мумі-дол, паклаўшы ногі на стол, і ты на зімовыя ўмовы кладзеш свой прыбор пісьмовы. Хмялееш і музу шукаеш, і муза прыйдзе – такая ж.
І вечар скажа: пара, травой запахне яскрава. Хацелі кветак дабра, а выйшла… ня ваша справа.
Бо сакавік п’яніць салодкім сокам і ўсе «чаму» канчаюцца на «у», і ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ – філфакам БДУ.
…І штосьці нясе ўгару зялёным паветраным зьмеем, і зоркам штось гавару, а зоркі: «Не разумеем». Ды ў музы рыфма шыкоўная, усіх ва ўсім пераконвае.
І рух завяршае круг, выносячы дно на ўзвышшы. І ўсе, хто з гора аглух, зноў чуюць у зорнай цішы.
Здымаюць зімовы плач, палошчуць кубак адчаю. І я ўсім кажу: «прабач», і ўсім-усім прабачаю.
І яны мне вераць, калі ўсе мы разам ляцім да зямлі.
І п’ю далей, колькі ўлезе я твой чысты космас, паэзія.