Святлана Ціханоўская – да дня народзінаў Эдуарда Бабарыкі«Эдуард ужо пяты раз сустракае дзень народз…

Святлана Ціханоўская – да дня народзінаў Эдуарда Бабарыкі

«Эдуард ужо пяты раз сустракае дзень народзінаў за кратамі. Пяць гадоў несправядлівага зняволення, як помста за спробу яго бацькі ўдзельнічаць у выбарах. Пяць гадоў за імкненне стварыць краіну, якая адпавядае марам новага пакалення, за жаданне адрадзіць справядлівасць у грамадстве, якое стаіць на месцы.

Мы чулі шмат гісторыяў пра тое, наколькі цяжка людзям у беларускіх турмах. Мы ведаем пра забароны на перапіскі і адмову ў медычнай дапамозе. Нам вядома пра жорсткае абыходжанне і поўную ізаляцыю ад навакольнага свету. Ад адной думкі пра тое, што даводзіцца перажываць палітзняволеным, становіцца жудасна.

Але Эдуард і яго бацька паказалі нам, што нават у самых складаных умовах магчыма застацца чалавекам: зберагчы ў сабе стойкасць, дабрыню і веру ў тое, што ўсё было не дарма. За першыя гады ў зняволенні Эдуард пачаў маляваць, займацца ёгай і чытаць кнігі па шахматах. Я ўпэўненая, што нягледзячы на ўсе катаванні рэжыму, ён не страціў чалавечнасці і рашучасці.

У гэты дзень я прашу вас памятаць пра Эдуарда і ўсіх палітвязняў, чые жыцці былі зруйнаваныя рэжымам. Працягвайце пісаць ім лісты, падтрымліваць іх сем’і, распавядаць усяму свету іх гісторыі. Кожны наш крок – гэта ўклад у вызваленне несправядліва асуджаных».