​​Вось гэта шабаш, які там Хэлоўін! З самых глыбокіх нор павыпаўзалі “кандыдаты”, нецікавыя, і ўжо н…

​​Вось гэта шабаш, які там Хэлоўін! З самых глыбокіх нор павыпаўзалі “кандыдаты”, нецікавыя, і ўжо нават не смешныя. Ябацькі выконваюць нейкі цёмны рытуал з паўтарэннем слова “трэба”. Чорныя зграі лётаюць па вялікіх і малых гарадах, шукаюць ахвяр.

І, здаецца, усім усё зразумела, і галоўны “пераможца” ўжо перамог, і мянты дарэмна закупаюць тэрмабялізну на студзень, ім бы святкаваць. Вось толькі няма “ашчушчэнія празніка”. Ні задору, ні радасці. Рытуалы дзеля рытуалаў. Ну трэба. Навошта трэба – ніхто не разумее і не памятае.

А што такое? Будавалі рай для пачвар – атрымалася пекла? І ў пекле жыць раптоўна непрыемна, нават калі ты пачвара? І разам з зарплатай на картку белкарт ідзе гэтае хлюпкае шэрае бясконцае чаканне. Раптам вайна прыйдзе? А як расейскія грошы скончацца? А калі памрэ галоўны, што тады?! Ні светлай будучыні, ні цёмнай. Ёсць толькі “сёння”. І надзея, што “сёння” будзе цягнуцца яшчэ некалькі гадоў. Арыштуй, асудзі, памахай сцяжком на камеру, намалюй 99% на “выбарах”, а лепш 199%, прымі віншаванні ад прэзідэнта Эрытрэі. Трэба, трэба. Каб забыць, што “сёння” ўсё роўна скончыцца, і надыдзе будучыня.

А будучыня належыць людзям, а не пачварам.

Жыве Беларусь!