А можна пайсці далей. Калі зазірнуць у спіс абвінавачванняў, што прад’яўляюць палітвязням, то знойдуцца не толькі экстрэмісцкія артыкулы, а, напрыклад, наркатычныя.
Вядома ж, усялякае здараецца: прыйшлі на ператрус, а там забароненыя рэчывы. Магло такое быць? Магло. Але Беларусь – краіна для жыцця. Тут знаходзіліся экстрэмісцкія перапіскі ў людзей, якія не карыстаюцца смартфонам. А іншыя людзі падпісваюцца на Нехту акурат з акрэсціна. І нешта ўзнікаюць сумневы. Ці вось, гісторыя ў ксяндзом Юхневічам, якому падчас катаванняў пагражалі сфальсіфікаванымі абвінавачваннямі ў дамаганнях. А Віктар Бабарыка? У яго ўвогуле няма палітычных артыкулаў.
Калі можна падкінуць сцяг, то хто перашкаджае падкідваць наркотыкі, зброю, дзіцячае порна, ды што заўгодна? Не да законаў жа ж. Гэта звычайным людзям. А ў бізнэса можна знайсці нясплочаныя падаткі (ну як знайсці, падкінуць можна і дакументы таксама). Ці фальшывы тэндар (а дзе доказы, што ён быў сапраўдным?). А хабар? Вось гэта тэма, дакажы, што ты яго не браў (калі ты, напрыклад, артапед).
Атрымліваецца, саджаць можна і па непалітычных артыкулах, і лёгка. І гэта зараз мы разважаем пра рэпрэсіі, распачатыя пацуком пасля паразы на выбарах. Але да 2020 г мянты былі тыя ж самыя. Ну добра, частка нармальных звольніліся, але астатнія? Як вы думаеце, як насамрэч “раскрывалі” злачынствы тыя ж самыя губазікі дзесяць гадоў таму? Ну вось як сёння “раскрываюць”, так і тады раскрывалі. Патрэбна прэмія да нейкага свята – знойдзем наркамана, ператворым яго ў наркагандляра. Няхай потым суд разбіраецца. Пра “суд” мы таксама ведаем, як ён “разбіраецца”. Зараз, зразумела, апраўданняў у “судах” амаль няма. А колькі было раней? Кажуць, у 2019 г ажно 0.5% ад усіх прысудаў!
Ёсць праблема, пра якую звычайна не гавораць, але яе прыйдзецца вырашаць у будучыні. У Беларусі няма ні судоў ні міліцыі ўжо вельмі даўно, больш за 4 гады. І колькі людзей сядзіць па цалкам сфабрыкаваных справах, мы не ведаем. І частка гэтых людзей не маюць аніякага дачынення да пратэстаў, палітыкі і гэтак далей. Выпадковыя ахвяры пачварнай сістэмы. Не палітвязні, а проста вязні. “Вязні” у сэнсе “палонныя”.
У вольнай Беларусі, у краіне з вяршэнствам закона, кожны асуджаны мусіць мець шанец на перагляд справы. Гэта вялікая праца, і яе трэба планаваць ужо зараз. Бо вяршэнства закона – гэта не толькі пра пакаранне злачынцаў-сілавікоў і рэабілітацыю палітвязняў. Гэта пра справядлівасць для ўсіх.
Свабоду невінаватым!
Жыве Беларусь!