Тут, канешне, усё складана. Навук гэтых многа розных, не вельмі адукаваным пацукам разабрацца цяжка. Матэматыкі прыдумалі абразлівую канцэпцыю “адсоткаў”. Чулі пра 3%? Гэта ўсё яны, матэматыкі-экстрэмісты. Фізікі жартуюць, што законы фізікі парушыць немагчыма, у адрозненне ад іншых законаў. Калі ў краіне недазаконне на афіцыйным узроўні, то неяк па-экстрэмісцку жарт гучыць. Хімікаў наогул адразу ў тэрарысты можна (кактэйлі Молатава, тое-сёе). Ды яшчэ занадта разумныя ўсе, навукоўцы гэтыя, а розум – першая прыкмета экстрэмізму.
І вось, аблава ў Акадэміі навук, 44 затрыманні, 71-гадоваму акадэміку і яго жонцы пагражае крымінальны артыкул. Разумных людзей пераследуюць за тое, што разумныя.
І кожны пацук, што ўрываецца да навукоўца, канешне, ганарыцца сабою. Але недзе ў глыбіні душы яму няўтульна. Няўтульна жыць у свеце, дзе ўсё наўкол, нават твае бронекамізэлькі і kipod’ы, створана разумнымі людзьмі, а ты галавою ўмееш толькі жэрці. Не, пацукам іх справа падабаецца, але ж усе гэтыя разумныя людзі спачатку падпісаліся за Бабарыку, потым прагаласавалі за Ціханоўскую, потым на пратэсты хадзілі. І усе чамусьці ўпэўнены, што рэжыму хутка кранты. Чаму? Яны нешта ведаюць? Пралічылі верагоднасці? Яны ж разумныя, адукаваныя…
Так, таварышы пацукі. Яны нешта ведаюць. Хутка і вы будзеце ведаць, пачакайце
Свабоду навукоўцам!
Жыве Беларусь!