Год падыходзіць да завяршэння. Здаецца, ён прынёс нам больш выпрабаванняў, чым усе былыя гады пры дыктатуры. Галоўная эмоцыя беларусаў сёння – стомленасць.
Але гэты страшны год – год зачараваны. Ён паскорыў час, паскорыў гісторыю. Тое, што здавалася бясконцым, ужо бачыць наперадзе свой канец. Тое, што здавалася непераможным, рыхтуецца да паразы. Тое, што павінна было заняць дзесяцігоддзі, бліжэй, чым мы сабе ўяўляем.
Мы жадаем беларусам яшчэ крыху стойкасці і мужнасці, бо яны спатрэбяцца нам. Але потым няхай надыдзе звычайнае жыццё. Няхай у наступным годзе скончацца навіны пра збітыя ракеты і ваенныя злачынствы, а людзі будуць абмяркоўваць чэмпіянаты свету і кінафестывалі. Няхай больш не трэба будзе дасылаць паштоўкі за краты, а сябрам, родным і каханым можна будзе проста патэлефанаваць. Каб за святочнымі сталамі жадалі здароўя добрым людзям, а не смерці дыктатарам. Каб дзеці гулялі ў супергерояў, а не ў амапаўцаў і пратэстоўцаў. Каб пасля выбараў можна было проста пайсці дадому. Каб міліцыянты займаліся пошукам злачынцаў, а ідэолагі знайшлі сабе іншую працу. Няхай не патрэбна будзе мужнасць, каб размаўляць на беларускай мове. Няхай белы і чырвоны стануць галоўнымі колерамі.
Усё гэта будзе аднойчы. Але ўжо сёння ў нас ёсць самае галоўнае. У нас ёсць нашая салідарнасць. У нас ёсць мы. З Новым годам, сябры!
Жыве Беларусь!