​​Затрыманы Андрэй Дзмітрыеў. Нібыта ён звязаны з “заходнімі лялькаводамі”, бо ездзіў за мяжу і фотк…

​​Затрыманы Андрэй Дзмітрыеў. Нібыта ён звязаны з “заходнімі лялькаводамі”, бо ездзіў за мяжу і фоткаўся з Хілары Клінтан. Шмат гадоў ён імкнуўся працаваць у прававым полі, пакуль прававое поле не знікла канчаткова. Людзі жартуюць наконт таго, хто яшчэ фоткаўся з Хілары (дарэчы,  на фоне бел-чырвона-белага сцяга), а мы б хацелі сказаць вось што.

Пасля Плошчы – 2010 Дзмітрыеў зняўся ў адным з першых пакаяльных відэа. Людзі былі абураныя, шмат з тых, хто падтрымліваў яго раней, назвалі яго здраднікам. Нават жонка ў закладніках у “сілавікоў” не паўплывала на рэакцыю народа. Абвінавачваць ахвяру заўсёды прасцей, чым злачынцу. Бо ахвяры будзе сорамна, а злачынцу – не.

Зараз пакаяльныя відэа здымаюць з кожным другім затрыманым. Збітыя і прыніжаныя людзі распавядаюць, як былі падпісаныя на Нехту ці ставілі падабайкі да допісаў у падтрымку Украіны. Нават Святлану Ціханоўскую перад выездам з Беларусі прымусілі запісаць нешта такое. Але ж гэта не зламала яе, і кожны дзень з таго дня яна працуе на вызваленне Беларусі.

І стаўленне да пакаяльных відэа змянілася. Ахвярам, якіх вымусілі зняцца ў гэтым брудзе, мы кажам: усе ўсё разумеюць. Чалавека вызначаюць яго ўчынкі, а не словы, сказаныя пад прымусам. Пакаяльныя відэа – гэта сведчанні супраць катаў. І толькі.

Сам Андрэй Дзмітрыеў сказаў калісьці: “Зараз я на волі, што будзе праз хвіліну – не ведаю”. Ён пакінуў зварот на выпадак свайго арышту (паводле Нашай Нівы):

“Вы павінны ведаць, што ўсё, што мы робім, усё, што робіце вы кожны дзень для таго, каб гаварыць праўду, абʼядноўвацца з аднадумцамі, захоўваць чалавечыя каштоўнасці, — гэта не дарма.
Гэта важна, патрэбна, і гэта ўсё роўна крокі да перамогі. Ужо не проста перамогі пераменаў у Беларусі — перамогі чалавечага над нечалавечым. […]

Увогуле, я што хачу сказаць: што б са мной ні адбылося (калі гэтая прамова будзе маёй апошняй перад, не ведаю калі, наступнай), я хачу сказаць, што я ў вас, у нас, у нашу справу варʼяцкі веру. І верыў усе гэтыя гады.”

Усё правільна кажа спадар Андрэй. Перамога чалавечага над нечалавечым непазбежная.
Свабоду Андрэю Дзмітрыеву!
Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!