Некалькі дзён таму Патрыцыю затрымалі.
Вядома ж, пацукі не забыліся пра дзяўчыну, што не стала пэцкацца аб іх узнагароды. Не пажадала паціснуць шэранькую пацучыную лапку і прыняць з яе крывавыя грошы. І нават прызнанне яе таленту ад тых, у каго талентаў аніякіх няма, але ёсць улада, ёй не патрэбнае.
Нішто так не злуе старых ідэолагаў і цётак з начосамі, як маладыя, таленавітыя і свабодныя. Іх і так, і гэтак, і на прагляд прапаганды, і на суботнікі. Кіраўніцтва ўніверсітэтаў выклікае міліцыю на студэнтаў, здымае пакаяльныя відэа ў стылі губазікаў, абяцае залікі аўтаматам за ўдзел у ябацінгах, прэсуе, пагражае. Пацукі мараць пра чырвона-зялёную ідылію з маладымі пракуроркамі і актывістамі брсм у танных пінжаках пад спевы саладухі.
Вось толькі моладзь не цікавіць ні брсм, ні саладуха. Іх цікавіць кіно, анімэ, спорт, мастацтва, праграмаванне. А яшчэ яны вучаць беларускую мову. І іншыя мовы. І за мяжой знаходзяць сяброў, а не ворагаў. І ўмеюць аб’ядноўвацца і рабіць нешта разам. Яны адукаваныя. Яны ведаюць, дзе і як шукаць інфармацыю. Яны паважаюць адзін аднаго. Яны маюць гонар і не жадаюць пэцкацца аб пацучыныя ўзнагароды.
І старыя дыназаўры могуць іх ненавідзець, могуць баяцца, могуць з імі змагацца, але, таварышы пацукі, маладыя і свабодныя будуць жыць і самі будаваць сваю будучыню. А для вас будучыні няма, як няма яе ў рэжыму. Вашу будучыню ўвасабляе сумны стары ў бронекамізэльцы са шпіцам замест сына.
Свабоду Патрыцыі Свіцінай!
Жыве Беларусь!