А вось і не! Па-першае, прапаганда хваліцца, што кожны трэці айцішнік плаціць выкуп у мільён даляраў за права заставацца на волі і далей працаваць у краіне для жыцця (але гэта не дакладна). Бачыце? Айці працуе, людзі зарабляюць!
Ці вось яшчэ навіна. БДУіР падпісаў пагадненне з начальнікам дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці (ну, з мянтамі, карацей кажучы). Аб сумеснай працы ў навукова-тэхнічнай сферы і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў пагадненне, дарэчы. Кожны ўніверсітэт у свеце імкнецца супрацоўнічаць з самымі перспектыўнымі кампаніямі, прыватнымі і дзяржаўнымі, ладзіць сумесныя праекты, рыхтаваць спецыялістаў, разам рухаць наперад навуку і тэхналогіі. А што ў Беларусі больш перспектыўнае за МУС (асабліва дэпартамент, якім кіруе экс-галоўны губазік)?! Вось! Перад нашымі маладымі айці-спецыялістамі адчынены ўсе дзверы. І нават тая, на фоне якой губазікі здымаюць пакаяльныя відэа.
Студэнты, яно вам трэба? Думаеце, у свабоднай Беларусі кагосьці зацікавяць праекты высокатэхналагічных электрашокераў для катаванняў, робаты для залівання хлоркі ў камеры і вялікі досвед мантажу пакаяльных відэа? Глядзіце ў будучыню, сябры. У сваю будучыню, а не ў тую, аб якой марыць галоўны калгаснік. І калі ўніверсітэт ператвараецца ў філіял губазіка – час шукаць іншую навучальную ўстанову. Вашыя светлыя галовы – не для цёмных спраў.
Тэхналогіі – для людзей, а не для пацукоў!
Жыве Беларусь!