Якая ж ёмістая фраза, якая зручная! І кожны з нас чуў яе калісьці. Але як перакласці яе з пацучынай мовы на чалавечую?
“Усё, што адбываецца, несправядліва, няправільна і незаконна, ты гэта ведаеш, я гэта ведаю, ты ахвяра, але і я таксама ахвяра! Я ахвяра, так, я натуральна пакутую на пасадзе. У мяне ільготная кватэра, жонка, дзеці ходзяць у бясплатныя спартыўныя секцыі. Што мне зрабіць? Звольніцца? Але куды я пайду? У Беларусі мне працаваць не дадуць, а за мяжой хто мне дасць кватэру, хто забяспечыць бясплатныя секцыі маім дзеткам?!
Табе здаецца, што гэта я забіраю ў цябе зараз свабоду, месяцы жыцця, здароўе, працу, родных людзей. Але гэта не я, гэта сістэма, закладнікамі якой мы абодва сталі.
Табе здаецца, што зараз я прашу прабачэння. Але мне няма ў чым выбачацца, бо я не вінаваты”.
Вы паглядзіце, якая кампактная пацучыная мова, як прыгожа згарнула столькі слоў у сціплае “ты ж сам усё разумееш”.
І мы разумеем, так. Мы кожны дзень бачым, як яны ставяць грошы і ўласны камфорт вышэй за закон, якому абяцалі служыць, і вышэй за чужыя жыцці, якія яны павінны абараняць. Але пакуль іх калегі з гонарам выстаўляць відэа катаванняў і клічуць сябе “гестапаўцамі” (гэта хаця б чэсна), такія вось “следчыя” імкнуцца загадзя атрымаць індульгенцыю ад ахвяр.
Хочацца спіхнуць усё на “сістэму”, гэта яна, абрыдлая ўсім, нават мянтам. Але сістэма складаецца са “звычайных людзей”, якія проста працуюць. А праца іх – не допыты і пратаколы, гэта ўсё мішура. Іх праца – разбураць жыцці. І яны добра гэта ведаюць.
І ведаюць, што прыйдзецца адказваць. Разумеюць. І мы разумеем. Аднойчы былы следчы спытае былога палітвязня, які сам стаў следчым зноў: “Ты ж усё разумееш, няўжо ты лічыш мяне злачынцам?” А той адкажа: “Злачынцам цябе лічыць Закон.”
Злачынцы адкажуць!
Жыве Беларусь!