Не трэба размаўляць з рэжымам. Рэжым не разумее размоў. Рэжым як гопнік, разумее толькі калі па ім б’юць. Бразгат танкаў НАТА пад сценамі палаца галоўнаму пацуку пакуль што ніхто не забяспечыць, а вось біць па яго ўлюбёным фінансам – чаму не?
Пацукі бяруць закладнікаў – няхай за кожнага ім давядзецца плаціць мільёны даляраў, а за кожнага загінулага – сотні мільёнаў. Калі б луку прымусілі заплаціць за Вітольда – не было б іншых смярцей у турмах. Калі б луку прымусілі плаціць за жнівень 2020 г у верасні 2020 г, то можа і Вітольд быў бы жывы. А калі б прымусілі заплаціць яго сябра пуціна? У 2014 г ці ў 2008 г?!
Ад санкцый пакутуюць простыя людзі? Простыя людзі пакутуюць ад рэжыма! Простыя людзі сядзяць у турмах. Простыя людзі вымушаныя пачынаць жыццё нанова за мяжой. Простыя людзі ў Беларусі прачынаюцца рана і чакаюць грукат цяжкіх ботаў на лесвіцы.
Простыя людзі не могуць купіць мэблю ў jysk ці паесці ў burger king? Яны і медыцынскую дапамогу часам атрымаць не могуць, і адукацыю. Санкцыі вінаватыя? Не! Вы чулі, колькі дактароў збегла за мяжу, і колькі выкладчыкаў звольнілі? Адзін азаронак з курсам лекцый па тэорыі хлусні застаўся. Дарэчы, звальняюць не толькі выкладчыкаў, а любых спецыялістаў у любой галіне.
На прэм’еру заходняга фільма людзі пайсці не могуць? Раскажыце гэта тым, хто любіць музыку і тэатр. Канцэрты няма каму граць: усе музыкі ці за кратамі, ці за мяжой, ці сядзяць моўчкі. Купалаўскім тэатрам кіруе рускамірная цётка. Спорт – можа і добра, што пацуковых спартоўцаў гоняць з усялякіх розных сраборніцтваў: не будуць ганьбіцца. Дарэчы, ёсць жа яшчэ царква, тут таксама праблемы, асабліва калі царква – не руская праваслаўная (хоць і там дастаткова прыстойных святароў, якія пацярпелі, – не з-за санкцый, не).
Ад санкцый пакутуе прыватны бізнэс? У кожнага другога вялікага прадпрыемства адкладзеныя грошы на выкуп, на той выпадак, калі кіраўніцтва раптам апынецца за кратамі. А як наконт іншых бізнэсаў? Атэстацыю (і праверку на лаяльнасць) трэба праходзіць экскурсаводам, трэнерам, уладальнікам аграсядзіб. Файна весці справы ў дзяржаве, якая думае толькі як цябе спачатку абабраць, а потым увогуле праглынуць.
Азаронак пад санкцыямі не можа з’ездзіць у Вільню на закупы? Добра, але ж ён і у Мінску нядрэнна закупаецца, бо грошы ёсць. А трэба, каб не было. І тое ж самае з мянтамі, “суддзямі”, “дэпутатамі”. Вось такую мову яны добра разумеюць. А не мову дыпламатыі.
Не беларусы накладаюць санкцыі, але беларусы могуць гаварыць у любым месцы, дзе іх чуюць: каб дапамагчы палітзняволеным, трэба ўзмацняць санкцыі.
Таму мы звяртаемся да Офіса, да ўсіх дэмсілаў, да беларусаў замежжа. Вы шмат робіце для таго, каб распавесці свету пра палітзняволеных. Раскажыце таксама, як свет можа ім дапамагчы. Гаварыце, прасіце, патрабуйце. Санкцыі, ціск на рэжым дапамогуць беларускім палітзняволеным. І ўсім беларусам.
Жыве Беларусь!