Эпізод 48, 2026. «Усё мінае. А што застанецца?» — пра тое, што мы ставім на першае месца
У прыпавесьці пра вялікую вячэру з Евангельля паводле Лукі (Лк 14:16–24) запрошаныя адзін за адным пачынаюць адмаўляцца ад запрашэньня. У кожнага ёсьць свая прычына: зямля, валы, сям’я. Усё гэта важнае, усё гэта рэальнае — але ўсё гэта становіцца перашкодай для таго, каб прыняць запрашэньне.
А што стаіць на першым месцы ў нашым жыцьці? Што мы адкладаем, таму што заўсёды знаходзіцца нешта больш тэрміновае, важнае або зручнае?
Евангельле прапануе паглядзець на нашыя страхі, клопаты і штодзённыя справы ў іншым сьвятле. Бо тое, што сёньня здаецца такім важным, аднойчы міне. А Бог застаецца.
У гэтым эпізодзе разважаем пра тое, што перашкаджае нам пачуць Божае запрашэньне, і разам вучымся давяраць Богу нават тады, калі жыцьцё поўнае нявызначанасьці і выпрабаваньняў.
Напрыканцы эпізоду гучыць «Nada te turbe» — малітва адданьня сябе Божаму провіду сьвятой Тэрэзы Авільскай (1515–1582) у выкананьні Сяржука Доўгушава.
Сьвятая Тэрэза Авільская — рэфарматарка ордэну кармялітаў і Настаўніца Царквы. У гэтай малітве яна заклікае глядзець на выпрабаваньні і страхі ў сьвятле нязьменнасьці Бога і захоўваць унутраны давер да Яго.