15 лістапада пачынаецца перадкалядны пост, які яшчэ называюць Піліпаўкай

Грэка-католікі Беларусі ##Царква #Царква

 15 лістапада пачынаецца перадкалядны пост. Яго яшчэ называюць Піліпаўкай, паколькі за дзень перад тым ушаноўваюць св. апостала Піліпа, хаця гэта свята ніяк не звязанае з перадкаляднымі прыгатаваннямі.

«Калыскай» гэтага посту з’яўляецца старажытная Галія (сучасная Францыя). Згадкі пра падрыхтоўчы пост да Нараджэння Хрыстовага на гэтых тэрыторыях сягаюць V ст. Біскуп Рыгор з Тур (+ 594 г.) кажа, што св. Перпетуус, біскуп Турскі (+ 491 г.), пачынаючы ад дня св. Марціна (11 лістапада) аж да Нараджэння Хрыстовага пасціўся ў панядзелак, сераду і суботу. Турскі Сабор II (567 г.) загадвае манахам пасціцца кожны дзень у снежні аж да Нараджэння Хрыстовага. Крыху пазней гэты пост пераходзіць у Рым і Італію, а адтуль — у Англію.

Калядны пост на Захадзе з часам атрымлівае назву «Адвент», што з лацінскай мовы азначае «прыход», гэта значыць прыход у свет Хрыста. Спачатку слова «адвент» азначала само свята Нараджэння Хрыстовага, а пазней стала азначаць час перад Нараджэннем Хрыстовым. У IX ст. першая нядзеля Адвенту становіцца на Захадзе пачаткам царкоўнага года.

Калі на Захадзе калядны пост у VI ст. становіцца ўжо агульным, то на Усходзе пад уплывам Захаду ў гэты час ён толькі пачынаецца. Першую згадку пра калядны пост — ад 14 лістапада — падае Копцкі каляндар у VIII ст. Яну Посніку (582–595), патрыярху Канстанцінопаля, прыпісваюць такое правіла: «Належыць, каб міране ўстрымліваліся ад мяса ў дзве Чатырохдзясятніцы — гэта пост св. Піліпа і пост св. Апосталаў Пятра і Паўла». У IX ст. калядны пост становіцца агульным на ўсім Усходзе.