Святы Юда Тадэй, адзін з дванаццаці апосталаў і аўтар аднаго з саборных пасланняў Новага Запавету, займае асаблівае месца ў хрысціянскай традыцыі як заступнік у самых цяжкіх і безнадзейных справах. У Святым Пісанні ён называецца «братам Гасподнім», што ў каталіцкім багаслоўі традыцыйна тлумачыцца як блізкае сваяцтва, хутчэй за ўсё, стрыечнае братэрства з Ісусам Хрыстом.
У Евангеллях апостал Юда згадваецца пад рознымі імёнамі, каб адрозніць яго ад Юды Іскарыёта, які здрадзіў Хрысту. Мацвей і Марк называюць яго Тадэем («велікадушны»), у той час як Лука называе яго «Юдам Якубавым».
Юда быў братам Якуба Малодшага, які быў першым біскупам Ерусаліма. Менавіта праз аўтарытэт свайго брата Юда прадстаўляе сябе ў пачатку свайго паслання: «Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба».
Пра жыццё Юды да Пяцідзясятніцы вядома няшмат. Адзіны значны дыялог з ім зафіксаваны ў Евангеллі паводле Яна падчас Апошняй Вячэры, калі Юда спытаў Госпада, чаму Ён хоча адкрыць Сябе вучням, а не ўсяму свет. Адказ Хрыста падкрэсліў, што Божая прысутнасць адкрываецца праз любоў і захаванне Яго слова.
Пасля Узнясення Хрыста Юда, паводле традыцыі, прапаведаваў Евангелле ў Юдэі, Самарыі, Месапатаміі і Персіі. Яго кароткае, але палымянае Пасланне заклікае вернікаў «змагацца за веру, аднойчы перададзеную святым», і перасцерагае ад ілжэнастаўнікаў, якія скажаюць хрысціянскую мараль.
Традыцыя сведчыць, што апостал Юда прыняў мучаніцкую смерць каля 62 года (па іншых крыніцах пазней) у Бейруце або ў Персіі разам з апосталам Сымонам Кананітам. У іканаграфіі яго часта малююць з кнігай (сімвалам яго паслання) або з дубінай ці алебардай (прыладамі яго мучаніцтва).
Сёння святы Юда Тадэй карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод вернікаў як магутны заступнік у сітуацыях, якія здаюцца невырашальнымі.