Царква: Божая ласка дзейнічае праз таінствы нават недастойных святароў

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Што, калі біскуп або святар — сам вялікі грэшнік? Ці дзейнічае праз яго Божая ласка?

Гэтае пытанне ў свой час паўстала перад Царквой падчас гэтак званага данатысцкага расколу, які ўзнік у IV стагоддзі. Данатысты лічылі, што таінствы, якія здзяйсняліся святарамі, што праявілі маладушнасць падчас ганенняў, несапраўдныя. Царква адхіліла гэтае меркаванне. Хоць чалавек, які недастойна носіць святарскі сан, падвяргаецца асабліва цяжкаму асуджэнню, гэта ніякім чынам не пашыраецца на іншых людзей, у тым ліку на тых, хто прымае ўдзеленыя ім таінствы. Бог не пазбаўляе вернікаў Сваёй ласкі праз недастойных пастыраў. Таінствы, якія яны здзяйсняюць, усё роўна сапраўдныя.