Наш Госпад заключыў з намі запавет праз хрост, каб даць нам жыццё вечнае. У хросце ёсць вобраз як смерці, так і жыцця: вада з’яўляецца сімвалам смерці, а Дух дае заруку жыцця. Спалучэнне вады і Духа тлумачыцца дваякай мэтай, дзеля якой быў устаноўлены хрост: а менавіта, каб знішчыць у нас грэх, каб ён больш ніколі не спараджаў смерць, і каб дазволіць нам жыць Духам і так здабыць узнагароду святасці. Вада, у якую цела ўваходзіць як у магілу, сімвалізуе смерць; Дух жа напаўняе нас Сваёй жыццядайнай сілай, абуджаючы нашыя душы ад смерці граху да жыцця, якое яны мелі напачатку. Гэта і значыць нарадзіцца нанова з вады і Духа: мы паміраем у вадзе і зноў ажываем праз Духа.
Каб пазначыць гэтую смерць і асвяціць ахрышчаных, перадаючы ім спазнанне Бога, вялікае таінства хросту ўдзяляецца праз трохразовае акунанне і закліканне кожнай з трох Божых Асобаў. Якая б ласка ні была ў вадзе, яна паходзіць не з яе ўласнай прыроды, а ад прысутнасці Духа, бо хрост — гэта не ачышчэнне цела, а абяцанне, дадзенае Богу ад чыстага сумлення.
Як падрыхтоўка да нашага жыцця пасля ўваскрасення, Госпад кажа нам у Евангеллі, як мы павінны жыць тут і цяпер. Ён вучыць нас быць міралюбнымі, доўгацярплівымі, не апаганенымі прагай асалоды і свабоднымі ад зямнога багацця. Такім чынам мы можам дасягнуць праз наш уласны свабодны выбар таго ладу жыцця, які будзе натуральным у будучым свеце.
Праз Духа Святога мы вяртаемся ў рай, узыходзім у Нябеснае Валадарства і аднаўляемся як усыноўленыя дзеці. Дзякуючы Духу мы атрымліваем права называць Бога нашым Айцом, становімся ўдзельнікамі ласкі Хрыста, называемся дзецьмі святла і прымаем удзел у вечнай славе. Адным словам, на нас спасылаюцца ўсе блаславенні як у гэтым свеце, так і ў будучым. Калі мы сузіраем іх нават цяпер, як адлюстраванне ў люстэрку, здаецца, што мы ўжо валодаем тымі дабротамі, пра якія наша вера кажа, што аднойчы мы будзем імі карыстацца. Калі гэта толькі абяцанне, то якой будзе дасканаласць? Калі гэта першыя плады, то якім будзе поўны ўраджай?
З кнігі св. Васіля Вялікага «Аб Святым Духу»