Папа Леў XIV нагадаў пра мучаніцтва ХХ стагоддзя і абмеркаванне лёсу Антона Неманцэвіча ў Рыме

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Навукова-душпастырская праграма“MARTYRIA: вызнаўцы і мучанікі”
Дзень 2: Cведчанне мучанікаў ХХ стагоддзя застаецца актуальным і неабходным.

У сераду, 29 красавіка 2026 г. Яго Святасць Папа Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане распавёў пра сваё нядаўняе апостальскае падарожжа ў Афрыку.

Пасля агульнай аўдыенцыі, вітаючы пілігрымаў на плошчы Святога Пятра (сярод якіх былі і пілігрымы з Беларусі), Папа Леў XIV нагадаў, што ў гэты дзень прыпадае гадавіна вызвалення вязняў нацысцкага канцлагеру Дахаў – месца мучаніцтва каталіцкага духавенства падчас 2-й Сусьветнай вайны. Дахау быў галоўным месцам пакутніцтва каталіцкага духавенства (1940-1945) — там загінула 1034 святары (палякі, немцы, аўстрыйцы, французы), сярод іх былі і святары, якія служылі ў Пінскай дыяцэзіі. Папа Леў заклікаў вернікаў маліцца і не забываць тых, хто аддаў сваё жыццё ў эпоху таталітарызму.
Сярод іерархаў, якія пасля аўдыенцыі змаглі прывітацца з Папам, быў і архімандрыт Сяргей, які Святому Айцу падарыў брашуру “Беларускі грэка-каталіцкі пакутнік Антон Неманцэвіч” (плён даследванняў а. Яўгена Усошына).

Жыццё, служэнне, акалічнасці арышту і пакутніцкай смерці грэка-каталіцкага экзарха Антона Неманцэвіча ў мінскай турме SD (Sicherheitsdienst) 6-га студзеня 1943 г. былі ў тую ж сераду 29 красавіка 2026 увечары прадметам абмяркавання ў другі дзень семінара навукова-душпастырскай праграмы: “MARTYRIA: вызнаўцы і мучанікі”, што праходзіў у Рыме, у цэнтры дакументацыі генеральнага пастулатара Айцоў Марыянаў па справах беатыфікацыі. Важным даведнікам у галіне біяграфіі экзарха Антона стала праца Сяргея Ф. Верамеева “Антон Неманцэвіч. Святар і пакутнік” (Мінск, 2023)

Асаблівая ўвага ўдзельнікаў міжнароднага семінара была накіраваная на дапамогу, якую ў Альбярціне і Слоніме аказвалі яўрэям езуіты і манахіні Непакалянкі ў час нямецкай акупацыі, асабліва ў 1942 г. За ратаванне яўрэйскіх сірот нямецкія жандары 19 снежня 1942 года на Петралевіцкай гары каля Слоніма расстралялі езуіта а. Адама Штарка і 2 манахіняў з кангрэгацыі Сясцёр Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі: с. Марыю Марту (Казімеру Валоўскую) і с. Марыю Еву (Багумілу Ноішэўскую).
У той час у пастырскім і сацыяльным служэнні а. Адама Штарка часта замяшчаў грэка-каталіцкі апостальскі экзарх Антон Неманцэвіч, якога нямецкія акупанты арыштавалі у жніўні 1942.

Словы Яго Святасці Папы Льва XIV, што сведчанне мучанікаў ХХ стагоддзя застаецца актуальным і неабходным і сёння, асабліва для маладога пакалення, сталі для ўдзельнікаў семінара вельмі каштоўнымі.