Бог прамаўляў да святых шматлікімі спосабамі, у тым ліку праз мноства ўнутраных ласкаў і натхненняў. Але нават найвялікшы містык, які жыве на вяршынях святасці, павінен у рэшце рэшт падпарадкавацца Голасу Бога, прамоўленаму праз Яго Царкву. Царква, асабліва ў асобе Святога Айца, з’яўляецца найбольш ясным рупарам Голасу Божага ў нашым свеце. Праз Царкву мы будзем прыведзены да Неба. Мы павінны заўсёды імкнуцца да дасканалай еднасці з Хрыстом, паколькі Ён жывы і аб’яўляецца нам праз Сваю Царкву. Мы павінны дазволіць Богу весці нас праз нашых біскупаў, пастыраў і ўсіх тых, каму Ён даверыў пастырскі клопат пра нас. Наданне ўлады Царкве было Божым задумам і планам; гэта павінна стаць і нашым перакананнем.
Ці бачыце вы мудрасць Божага плану ў тым, што Ён вырашыў аб’явіць Сябе нам праз Царкву? Ці верыце вы ў Царкву як у Маці і Настаўніцу вашай веры? Ці давяраеце вы асабліва словам нашага Святога Айца, Папы? Зрабіце сёння акт веры, цалкам даверыўшыся Голасу Божаму, які гучыць праз Яго Царкву, і вы пачнеце больш поўна разумець незлічоныя таямніцы жыцця, якія аб’явіў Бог.
Любы Госпадзе, я жадаю быць паслухмяным Табе ва ўсім. Я прагну чуць Твой Голас і выконваць Твае наказы. Дапамажы мне мець мудрасць, каб распазнаваць Цябе, калі Ты прамаўляеш і дзейнічаеш праз Сваю Царкву. Дапамажы ўбачыць за асобай святара, біскупа і Святога Айца Тваю кіруючую руку.