БогаслужэннеВеды пра Бога маюць сэнс толькі тады, калі яны служаць богапазнанню — здабыццю чалавекам…
Веды пра Бога маюць сэнс толькі тады, калі яны служаць богапазнанню — здабыццю чалавекам асабістага духоўнага досведу. Адной з асноў такога досведу ў хрысціянстве лічыўся ўдзел у супольным богаслужэнні. Ісус Хрыстос часта маліўся на самоце і вучыў таму ж іншых. Але Ён таксама вучыў, што малітва не павінна быць адарваная ад жыцця, ад стасункаў. «Дзе двое ці трое сабраныя ў імя Маё, там Я пасярод іх» (Мц. 18:20), — казаў Ісус.
І ў дні зямнога жыцця Ісуса Хрыста, і ў далейшым хрысціяне збіраліся разам для малітвы. Хрысціянскі пісьменнік II стагоддзя Юстын Філосаф апісвае агульную малітву ў такіх словах: «У так званы дзень сонца бывае ў нас сход у адно месца ўсіх, хто жыве па гарадах ці вёсках; і чытаюцца, колькі дазваляе час, казанні апосталаў ці пісанні прарокаў. Потым, калі чытальнік перастане, прадстаяцель праз слова дае настаўленне і заклік пераймаць тыя цудоўныя рэчы. Затым усе разам устаём і ўзносім малітвы».
Паступова ў розных хрысціянскіх супольнасцях складваўся свой парадак богаслужэння. Сфармавалася яго сімвалічная мова. Было напісана мноства малітваў і спеваў, многія з якіх з’яўляюцца шэдэўрамі візантыйскай, лацінскай, армянскай, грузінскай, амхарскай, сірыйскай, славянскай паэзіі. Але аб’ядноўвае ўсе літургічныя традыцыі агульная мэта — зрабіць так, каб хрысціяне маглі дзяліцца тым, што яны ведаюць пра Бога, каб досвед Царквы станавіўся досведам кожнага з яе членаў.