Што такое Сімвал веры?Сімвал веры — невялікі тэкст, які прамаўляецца падчас літургіі і іншых богасл…

Што такое Сімвал веры?

Сімвал веры — невялікі тэкст, які прамаўляецца падчас літургіі і іншых богаслужэнняў. У ім вельмі коратка, але максімальна дакладна выкладаюцца галоўныя палажэнні хрысціянскай веры.

Якія гэта ісціны?

Пра Бога як пра Творцу ўсяго існага;

Пра Ісуса Хрыста як пра Сына Божага, Які стаў Чалавекам дзеля нашага збаўлення;

Пра Святога Духа, Які гаварыў праз прарокаў;

Пра Царкву, хрышчэнне, будучае ўваскрасенне мёртвых і жыццё будучага веку.

Звычай прамаўляць кароткае вызнанне веры першапачаткова быў звязаны з таінствам хрышчэння — чалавек, які прымаў гэтае таінства і такім чынам далучаўся да Царквы, павінен быў урачыста перад сведкамі абвясціць, што падзяляе дадзеную веру, у што канкрэтна ён веруе.

У тым выглядзе, як мы яго ведаем цяпер, Сімвал веры склаўся ў эпоху супрацьстаяння ерасям — ілжэвучэнням, якія скажалі веру апосталаў. Ерэтыкі адмаўлялі альбо паўнату Боства ў Хрысце, альбо паўнату Яго чалавечай прыроды, альбо іншыя прынцыповыя ісціны хрысціянскай веры. Таму Царква, каб ахаваць сваё вучэнне ад падмены ці скажэнняў, выклала яго ў старанна складзеных фармулёўках гэтага кароткага тэксту.