9 снежня католікі візантыйскага абраду святкуюць Зачацце Найсвятой Багародзіцы святой Ганнай. Звест…
З гэтага апокрыфа даведваемся, што бацькі Багародзіцы – Якім і Ганна — доўгі час былі бяздзетнымі, што лічылася ганьбай сярод народа. Бо паводле пераканання кожны праведны чалавек павінен быў даць нашчадкаў Ізраілю. Праз гэта Якім, нягледзячы на ўсе свае багацці, быў зняважаны перад народам і не мог прынесці дары Богу.
У пошуках адказу ад Бога Якім ідзе пасціцца на сорак дзён і начэй у пустыню, адначасова з тым і Ганна моліцца дома пра дараванне дзіцяці, якое яна прысвеціць Госпаду. Бог адказвае на малітву Ганны і Якіма і праз анёла паведамляе, што яны зачнуць дзіця, якое будзе праслаўлена сярод усіх народаў.
Асобнае свята Зачацця Багародзіцы, гэтаксама як яе Нараджэння, узнікла далёка не адразу. Спачатку ў V ст. можам гаварыць пра з’яўленне асобнага свята, прысвечанага Багародзіцы агулам, з VI ст. — асобнае свята, прысвечанае Нараджэнню Багародзіцы. І VIII ст. датуюцца самыя даўнія сведчанні пра свята Зачацця Багародзіцы.
Датаванне свята было ўстаноўлена з розніцай у 9 месяцаў ад успаміну святых Якіма і Ганны 9 верасня, на другі дзень пасля свята Нараджэння Багародзіцы, якое святкуем 8 верасня.
Звесткі пра святкаванне “Зачацця святой Ганнай Дзевы Марыі” на Захадзе маем з IX ст. Менавіта пад такой назвай гэтае свята ёсць у Неапалітанскім Мармуровым Календары 9 снежня.
У Візантыі, дзе гэтае свята ўзнікла, яно значна хутчэй набывае асаблівай вагі і ўжо ў XI ст. становіцца адным з вялікіх святкаванняў літургічнага года.