20 лістапада адзначаецца памяць блаславёнай Язафаты Гардашэўскай, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр …
Міхайліна Гардашэўская нарадзілася ў 1869 годзе ў Львове. З юных гадоў яна вылучалася розумам і глыбокай пабожнасцю. Першапачаткова дзяўчына марыла пра жыццё ў закрытым манастыры, аднак яе духоўны настаўнік, айцец Ерамія Ламніцкі, пераканаў яе ў іншым пакліканні. Ён заўважыў, што народ мае патрэбу ў місіянерах, і менавіта Міхайліна змагла б заснаваць адпаведную жаночую супольнасць.
У 1892 годзе яна прыняла пострыг пад імем Язафата і стала першай сястрой новай кангрэгацыі, якая распачала прынцыпова новы этап у гісторыі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Гэта было першая апостальская жаночая кангрэгацыя.
Сёстры не замыкаліся ў манастырскіх сценах, а ішлі «ў народ». Іх дзейнасць уключала заснаванне дзіцячых садкоў (ахованак), догляд хворых, дапамогу бедным і навучанне непісьменных.
Язафата памерла ў дзень свайго любімага свята — Дабравешчання (паводле юліянскага календара), 7 красавіка 1919 года, прадбачыўшы свой адыход у вечнасць трыма тыднямі раней. Яна памерла ва ўзросце 49 гадоў ад цяжкай і балючай хваробы — сухотаў костак.
У лістападзе 1982 года яе мошчы былі перанесены ў Рым, у Генеральны дом сясцёр Служабніц. Дзякуючы шматлікім цудам і ласкам, атрыманым праз яе заступніцтва, распачаўся працэс беатыфікацыі. 27 чэрвеня 2001 года ў Львове Папа Рымскі Ян Павел II абвясціў сястру Язафату блаславёнай.