21 лістапада святкуем Уваход у храм Найсвяцейшай Багародзіцы. Гэта свята належыць да 12 вялікіх свя…
Звесткі пра падзею Уваходу, якія адсутнічаюць у Святым Пісанні, Царква найперш чэрпае з апакрыфічнага тэксту, вядомага пад назвай “Протаевангелле Якуба”. Апокрыф, напісаны ў сярэдзіне ІІ стагоддзя, сведчыць, што маці Багародзіцы – Ганна – дала абяцанне, паводле якога, нарадзіўшы дзіця, прысвеціць яго на служэнне Богу. Таму калі Марыя дасягнула трохгадовага ўзросту, бацькі прывялі дзяўчынку да служэння пры Ерусалімскім храме.
Падзея Уваходу, хоць і вядомая сярод вернікаў і абмяркоўвалася Айцамі Царквы, стала асобным святам не адразу. Магчыма, штуршком да вылучэння ў асобнае свята паслужыла з’яўленне ў VII стагоддзі першага падрабязнага жыція Багародзіцы, складзенага на аснове некалькіх апокрыфаў.
Упэўнена можам гаварыць пра асобнае свята толькі з VIII стагоддзя. Сведчаннем таму – пропаведзі Германа, патрыярха Канстанцінопальскага (+740), напісаныя на свята Уваходу. У Ерусаліме свята пачынаюць адзначаць 21 лістапада, у дзень пасля асвячэння храма Багародзіцы, які стаяў паблізу развалін Ерусалімскага храма. Гэтая дата святкавання стала агульнай для большасці ўсходніх Цэркваў і застаецца такой да сёння.
Свята ўжо з IX стагоддзя шырока вядома на хрысціянскім Усходзе. З таго ж часу да нас дайшлі і першыя іконы, на якіх выяўлена падзея Уваходу. Паходзяць яны з Кападокіі.
У IX-X стагоддзі ствараецца і большасць гімнаграфічных тэкстаў свята. Нягледзячы на гэта, уключэнне Уваходу ў лік вялікіх хрысціянскіх святаў адбылося толькі пасля XIV стагоддзя.
У цэнтры святкавання знаходзіцца вобраз Багародзіцы, якую ўводзяць у Святое Святых Храма. Святое Святых – месца, у якое ўваходзіў толькі першасвятар раз на год, таму гэты вобраз мае ў першую чаргу багаслоўскае значэнне, а не гістарычнае.
У Святым Святых павінен быў захоўвацца Каўчэг Запавету, праз які Бог выяўляў Сваю прысутнасць сярод народа Ізраіля. Але ў часы Багародзіцы Святое Святых храма было цалкам пустым, бо Каўчэг быў страчаны яшчэ падчас Вавілонскага Выгнання. Уваход Багародзіцы ў Святое Святых азначае, што для хрысціян Марыя стала Новым Каўчэгам, праз які адбылося яўленне Бога.