З 2 па 6 лістапада 2025 года ў Папскай румынскай калегіі ў Рыме (Collegio Pio Romeno), якая размешч…

З 2 па 6 лістапада 2025 года ў Папскай румынскай калегіі ў Рыме (Collegio Pio Romeno), якая размешчана на пагорку Джанікола, праходзіць пазачарговая сесія Сінода Біскупаў Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Яна павінна абраць новага Кіраўніка і Айца гэтай Царквы – Вярхоўнага Архібіскупа Фегераша і Альба-Юліі, пасада якога стала вакантнай пасля адыходу да вечнасці кардынала Лучыяна Мурашана.

3 і 4 лістапада 2025 года члены Сінода ўзялі ўдзел у двухдзённых духоўных рэкалекцыях, правадніком якіх быў айцец Рынальда Якапіна, духаўнік румынскай калегіі. У аўторак, 4 лістапада 2025 года, на 40-ы дзень пасля спачыну кардынала Лучыяна Мурашана, біскупы адслужылі за памерлага Святую Літургію і паніхіду ў падзямеллях Ватыканскай базылікі, каля гробу святога Пятра. З біскупамі Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы саслужыў архібіскуп Мішэль Жалах, сакратар Дыкастэрыі Усходніх Цэркваў.

Наступныя дні будуць прысвечаны непасрэдна выбарам Вярхоўнага Архібіскупа.

Румынская Грэка-Каталіцкая Царква складаецца з сямі епархій (адна з іх па-за межамі Румыніі – у ЗША), налічвае больш за паўмільёна вернікаў, больш за 1200 парафій, больш за 800 святароў і каля 200 семінарыстаў.