Што такое Традыцыя Царквы (Свяшчэнная Традыцыя)?Як мы даведаліся пра Ісуса Хрыста? Ад іншых людзей….
Як мы даведаліся пра Ісуса Хрыста? Ад іншых людзей. А яны адкуль? Таксама ад іншых. Мы, вядома, можам сказаць, што даведаліся з Бібліі, але яна не падае з неба ў рукі кожнаму асобнаму чытачу! Гэтая кніга таксама дайшла да нас праз многія пакаленні людзей, якія з пашанай яе перапісвалі, чыталі, тлумачылі, імкнуліся па ёй жыць. Вера ў Хрыста — гэта тое, што перададзена нам праз стагоддзі царкоўнай гісторыі людзьмі, якія захоўвалі гэтую веру, жылі па ёй і вучылі ёй сваіх нашчадкаў.
Мы можам здабыць веру толькі дзякуючы гэтаму патоку, які бярэ свой пачатак у служэнні самога Хрыста і апосталаў і цячэ праз стагоддзі і пакаленні, пакуль не дасягае нас. Мы называем гэты паток «Свяшчэннай Традыцыяй» — тым, што перадаецца. Царква перадае, абвяшчае, растлумачвае і адстойвае сваю веру мноствам спосабаў:
– У тэкстах. Вядома, пачынаючы з Бібліі, але гэта менавіта толькі пачатак! Літургічныя тэксты, тлумачэнні Пісання, творы святых айцоў складаюць значную частку Традыцыі.
– У жывым вопыце царкоўнага богаслужэння. Кнігі вельмі важныя, але мы не можам быць хрысціянамі толькі па кнігах — варта ўдзельнічаць у малітоўным жыцці Царквы.
– У таінствах. У іх Царква перадае збаўчую ласку Божую, без якой немагчымае хрысціянскае жыццё.
– У асабістым прыкладзе пабожных хрысціян, і асабліва святых, якія паказваюць нам, як вера ў Хрыста можа і павінна праяўляцца ў нашым жыцці.
Свяшчэнная Традыцыя — гэта не проста дадатковыя тэксты, а жывы працэс перадачы веры і вопыту Царквы ад Хрыста і апосталаў да нашых дзён.