Субота перад святам св. велікамучаніка Змітра Салунскага ў літургічных календарах многіх славянскіх…
Змітраўская субота, як і некаторыя іншыя дні памінання памерлых, — параўнальна познія новаўвядзенні, і ва ўставах, запазычаных з Візантыі, іх няма. Верагодна, яны сталі элементамі інкультурацыі на славянскіх землях, дзе восеньская пара наогул прысвячалася памінанню продкаў. Каб надаць гэтаму звычаю хрысціянскае значэнне, з’яўляліся асаблівыя дні малітвы за памерлых. Адсюль і памінанне памерлых на наступны дзень пасля Усіх Святых (2 лістапада) у лацінскай традыцыі, субота перад святам Сабору архістратыга Міхаіла і ўсіх безцялесных сіл (Балгарыя і некаторыя рэгіёны Украіны) і, вядома, Змітраўская субота, да якой здаўна прымацаваліся назвы “родавая”, “дзедава”, “бацькоўская”.
Некаторыя даследчыкі звязваюць яе з роўнаапостальнымі Кірылам і Мятодам. Асветнікі на славянскіх землях сутыкнуліся з паганскімі звычаямі восеньскага памінання памерлых. Каб іх хрысціянізаваць, яны ўстанавілі адмысловы дзень малітвы за тых, хто адышоў у вечнасць, на суботу, якая папярэднічала святу ў гонар асабліва шанаванага ў іх родным горадзе Салуні велікамучаніка Змітра.
Звычайна ў парафіяльнай практыцы адзначэнне гэтай суботы заключаецца ў Боскай Літургіі з памінальнымі зменнымі часткамі, Панахідзе ці Парастасе, наведванні пры магчымасці магіл памерлых і сустрэчы з сям’ёй дзеля сумеснага ўспаміну пра іх.