За архібіскупа Ігнацыя Малаяна падчас цырымоніі кананізацыі ў Ватыкане памаліліся па-армянскуАрмянс…

За архібіскупа Ігнацыя Малаяна падчас цырымоніі кананізацыі ў Ватыкане памаліліся па-армянску

Армянскі каталіцкі архібіскуп Ігнацый Малаян, замучаны падчас Генацыду армян у Асманскай імперыі ў 1915 годзе, далучаны да ліку святых.

Падчас цырымоніі кананізацыі на Плошчы Святога Пятра таксама была прачытана малітва на армянскай мове ў гонар архібіскупа Ігнацыя Малаяна.

Малаян нарадзіўся ў сакавіку 1869 года ў горадзе Мардзіне (цяпер – на тэрыторыі Турцыі). Пасвячаны ў святары ў 1896 годзе пад імем Ігнацый. Быў накіраваны ў Александрыю, дзе карыстаўся павагай дзякуючы сваім пропаведзям на арабскай або турэцкай мовах, а потым прысвяціў сябе пастырскай місіі і вывучэнню Святога Пісання.

Праз шэсць гадоў ён быў прызначаны Патрыяршым вікарыем Мардзіна, а ў 1911 годзе ўдзельнічаў у Сінодзе армянскіх каталіцкіх біскупаў у Рыме, які праходзіў у семінарыі “Леванян”.

Падчас Першай сусветнай вайны ў Турцыі адбываўся прымусовы прызыў на вайсковую службу, хрысціяне, асабліва армяне, падвяргаліся пераследам і катаванням. 3 чэрвеня 1915 года архібіскуп Малаян быў арыштаваны разам з 13 святарамі і яшчэ 600 вернікамі. Ён быў забіты 11 чэрвеня 1915 года, паколькі адмовіўся адрачыся ад сваёй веры.