
Адкуль у Бібліі ўзяліся раздзелы і вершы?
У сучасных выданнях кнігі Бібліі звычайна дзеляцца на раздзелы і вершы. Такая структура мае даволі позняе паходжанне. Падзел на раздзелы ўвёў архібіскуп Кентэрберыйскі Стэфан Лэнгтан (1150–1228), а разбіць раздзелы на яшчэ больш дробныя ўрыўкі — вершы — прапанаваў французскі кнігавыдавец Рабер Эцьен (1505–1559). Вельмі хутка такі падзел біблейскага тэксту стаў агульнапрынятым і заўсёды выкарыстоўваецца пры цытаванні, хоць у некаторых выданнях Бібліі нумарацыя раздзелаў і вершаў можа крыху адрознівацца.