Колькі кніг у Бібліі?У Новым Запавеце — 27 кніг, а вось са Старым Запаветам усё крыху складаней. Там…

Колькі кніг у Бібліі?

У Новым Запавеце — 27 кніг, а вось са Старым Запаветам усё крыху складаней. Там, у залежнасці ад выдання, можна знайсці ад 39 да 50 кніг.

Справа ў тым, што ў момант зараджэння хрысціянства ў старазапаветнай супольнасці яшчэ не сфарміраваўся агульнапрыняты спіс (па-грэчаску — канон) біблейскіх кніг. Ён сфарміраваўся крыху пазней: у канцы I — пачатку II стагоддзя н.э. У яго ўвайшлі тыя кнігі, якія на той момант існавалі на старажытнаяўрэйскай (і збольшага на роднаснай ёй арамейскай) мове. Іх было 39.

У хрысціянскай Царкве меркаванні падзяліліся: недзе ў Стары Запавет уключалі толькі кнігі яўрэйскага канона, недзе да іх дадавалі ўсе ці некаторыя з «дадатковых» 11 кніг, якія меліся толькі на старажытнагрэчаскай мове (прычым некаторыя былі на ёй і напісаны, а іншыя калісьці мелі яўрэйскі арыгінал, пазней згублены).

Адносна іх статусу ў Бібліі сярод хрысціян дагэтуль няма кансэнсусу. У Каталіцкай Царкве некаторыя з іх уключаны ў Стары Запавет як «другакананічныя». У праваслаўных цэрквах гэтыя кнігі лічацца некананічнымі, аднак карыснымі для навучання веры. Многія з іх увайшлі ў склад богаслужэння. Сярод пратэстантаў пераважае меркаванне, што Стары Запавет складаецца толькі з 39 кніг яўрэйскага канона, аднак і ў іх супольнасцях некананічныя кнігі часам гучаць на царкоўнай службе.