Калі была напісана Біблія?
Найбольш старажытныя часткі Бібліі, такія як Дзесяць запаведзяў, упершыню былі запісаны ў XIII стагоддзі да н.э. Пры гэтым у Стары Запавет уваходзяць і больш раннія апавяданні (магчыма, XIX стагоддзя да н.э.), якія доўгі час перадаваліся ў вуснай форме ці ў пісьмовых крыніцах, што да нас не дайшлі. У далейшым тэксты Старога Запавету неаднаразова рэдагаваліся. Апошняя па часе кніга Старога Запавету (Кніга Мудрасці Саламонавай) з’явілася ў I стагоддзі да н.э.
Корпус кніг Новага Запавету быў напісаны ў перыяд з 50 па 110 год н.э. Датаванні ўнутры гэтага часавага адрэзка могуць адрознівацца. Верагодна, першай новазапаветнай кнігай было Пасланне апостала Паўла да Галатаў (каля 48–56 гг.), а апошняй — адно з пасланняў апостала Яна (95–110 гг.).