27 верасня 2025 г. у Мукачаўскай грэка-каталіцкай епархіі, у в. Білкі, адбылося ўрачыстае абвяшчэнн…
Пётр Орас нарадзіўся 14 ліпеня 1917 г. у вёсцы Біры (Венгрыя) у сям’і грэка-каталіцкага святара.
У 1937 г. Пётр скончыў гімназію ў Хусце і ў тым жа годзе паступіў у Хусцкую духоўную семінарыю, якую паспяхова скончыў у 1941 г.
28 чэрвеня 1942 г. прыняў іерэйскае пасвячэнне. Сваю душпастырскую дзейнасць пачаў у в. Вялікія Ком’яты Вінаградаўскага раёна.
У 1946 г. прызначаны на вольную парафію ў в. Білкі Іршаўскага раёна.
У 1948 г. мясцовыя органы ўлады звяртаюцца да розных метадаў уплыву, каб схіліць а. Пятра да пераходу ў рускае праваслаўе. Яму, як і ўсім іншым святарам, якія не адступіліся ад сваіх перакананняў, забаранілі выконваць душпастырскую працу. Але ён застаўся верным свайму пакліканню, працягваў падпольна з айцамі Іванам Маргітычам, Іванам Раманам і Іванам Чэнгеры таемна абслугоўваць грэка-каталіцкіх вернікаў Іршаўшчыны і Вінаградаўшчыны.
На пачатку 1953 г. яго арыштавалі і адправілі ў Ужгарад, у следчы ізалятар КДБ, дзе ён знаходзіўся пад арыштам больш за два тыдні. Улетку 1953 г. каля Імстычаўскага моста міліцыянер спрабаваў арыштаваць а. Пятра, але яму пашанцавала знікнуць паміж вербалозам. Вяртаючыся з Імстычаўскага манастыра, у якім падпольна адправіў Службу Божую, каля моста на рацэ Баржаве, упершыню прагучалі за ім два стрэлы. Але гэтым разам міма.
Напярэдадні свята Успення Найсвятой Багародзіцы, 27 жніўня 1953 г., у в. Вялікія Ком’яты ён адслужыў шматлюдную Святую Літургію, спавядаў, прычашчаў. У той самы дзень выправіўся пешшу на чыгуначную станцыю ў в. Сільцэ. Тут яго арыштаваў міліцыянер і павёў у напрамку в. Зарычча. Каля крыжа прагучалі два стрэлы — а. Пётр быў забіты. Цела расстралянага адвезлі ў морг Іршаўскай бальніцы, праз некалькі дзён употай ад людзей закапалі паміж цярноўнікам каля в. Каменскае Іршаўскага раёна. Пазней астанкі адкапалі работнікі міліцыі і КДБ і вывезлі ў напрамку Іршавы.
39 гадоў месца пахавання а. Пятра захоўвалася ў строгай таямніцы. Толькі пасля легалізацыі Грэка-Каталіцкай Царквы знайшліся відавочцы, якія пад прысягай расказалі праўдзівую гісторыю тых трагічных дзён. 28 ліпеня 1992 г. былы начальнік КПЗ Іршаўскага РАУС пагадзіўся даць сведчанні і паказаў міліцэйскі гараж, дзе было закапана цела. Пасля эксгумацыі і праведзенай экспертызы 23 жніўня 1992 г. адбылося перапахаванне тленных астанкаў а. Пятра Ораса з ушанаваннямі, якія належаць яго сану. На наступны дзень адбылося архіерэйскае пахаванне. Мошчы паклалі ў капліцы каля царквы ў в. Білкі.