Як Майсей узняў змея ў пустыні, так належыць быць узнятым Сыну Чалавечаму, каб кожны, хто веруе ў Яг…
Айцы Царквы знаходзілі глыбокія аналогіі паміж Хрыстом і змеем, узнятым Майсеем у пустыні:
Беда Вялебны: Змеі сімвалізуюць грэх, які мае моц прывесці душы да смерці. Узняты змей выглядаў, як іншыя змеі, але не быў атрутным. Падобна да гэтага, Хрыстос, Які прыйшоў у чалавечым целе, быў пазбаўлены атруты граху. Ён узяў на сябе чалавечую цялеснасць, каб знішчыць грэх.
Юстын Мучанік: Майсей, хоць сам і абвяшчаў закон, што нельга ствараць ніякіх выяваў Бога, не вінаваты, загадаўшы зрабіць меднага змея. Такім чынам ён прадказваў таямніцу Хрыста. Сіла змея, які схіліў першых людзей да граху, была зламаная на крыжы Хрыста.
Яфрэм Сірыйскі: Змей, узняты Майсеем, не мог пакутаваць, ён быў зроблены з медзі. Тым большым з’яўляецца ўзнясенне Хрыста, Які пакутуе на крыжы за грахі свету. Позірк на яго вачыма веры збаўляе ад духоўнай смерці, а не толькі ад цялеснай, ад якой ратаваў позірк на меднага змея.
Аўгустын: Позірк на Хрыста, узнятага на крыжы, – гэта позірк на памерлага, які ратуе ад смерці. Гэты вобраз выклікае страх. Майсей уцякае ад змея ў Кнізе Выхаду (калі яго посах ператвараецца ў змея). Ад крыжа ўцякаюць таксама вучні Ісуса ў Евангеллі. Толькі праз паглыбленне ў смерць і крыж Хрыста, толькі праз прыняцце іх збавеннай моцы можна прыйсці да новага жыцця. Крыжа нельга баяцца.
Рыгор Назіянзін: Змей, узняты Майсеем, быў пазбаўлены жыцця. Ён увасабляў знішчэнне сіл, якія сеялі смерць, змеяў, якія атакавалі ізраільцян. Гэта было толькі прадвесце крыжа Хрыста, што сапраўды знішчыў смерць і грэх, які карыстаецца ёю. Крыж – гэта сапраўдны знак перамогі над злом, якое было знішчана.