Як разумець Біблію?Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба сказаць, для чаго, уласна, прызначана Біблі…

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Як разумець Біблію?

Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба сказаць, для чаго, уласна, прызначана Біблія, навошта Бог даў людзям Сваё Адкрыццё. Мэта Адкрыцця Божага — выключна збаўленне чалавека і прывядзенне яго да зносінаў з Богам.

Калі Бог даў людзям Сваё Адкрыццё, значыць, у гэтым была неабходнасць! Мэта Адкрыцця Божага — дапамагчы чалавеку зарыентавацца ў жыцці і здабыць збаўленне як вяртанне да паўнаты жыцця ў зносінах з Богам. Святое Пісанне — не падручнік фізікі або біялогіі, і нават не пратакол гістарычных падзей. Біблія найперш дае дакладнае і поўнае пазнанне пра Хрыста Збаўцу і пра шлях зносін з Богам. І ў гэтым пытанні Дух Святы натхняў святых пісьменнікаў так, што яны выклалі гэты шлях поўна і без недакладнасцей. Што ж тычыцца прыватных выпадкаў, якія не адносяцца да пытання збаўлення, напрыклад, наколькі дакладна была выкладзена гістарычная канва біблейскіх падзей або погляды святых аўтараў на тое ці іншае пытанне, не звязанае з рэлігійнай сферай жыцця, і да т.п., то тут не было патрэбы з боку Бога вывяраць кожную дробязь.

І гэта вельмі важна. Вядома, такая «вузкая накіраванасць» пакідае шмат непаразуменняў для навукі, якая глядзіць на Біблію як на гістарычную крыніцу. Але для веры ў Бібліі важна не знешняе, а ўнутранае. Галоўныя сэнсы Бібліі нязменныя і заўсёды актуальныя — не таму, што іх прыдумалі геніяльныя людзі, а таму, што яны былі адкрытыя Богам. Царква вучыць, што зразумець Біблію можа толькі чалавек, які жыве сапраўдным хрысціянскім жыццём, тады Дух Святы, які дзейнічае ў хрысціянах і, паводле слоў апостала Яна, вучыць усяму, на справе адкрые яму вечна жывыя і каштоўныя сэнсы Святога Пісання. Унутраны досвед хрысціяніна супадзе тады са знешнім словам Пісання, і нічога незразумелага для яго не застанецца. А без прасвятлення Духам Святым Біблія заўсёды будзе здавацца людзям чымсьці заблытаным, незразумелым, складаным і несучасным.