
28 жніўня 
  Памяць Св. Аўгустына, біскупа і Айца Царквы
 Св. Аўгустын нарадзіўся ў 354 г. у сям’і язычніка Патрыцыя і адданай хрысціянкі св. Манікі. Нягледзячы на клапатлівае выхаванне маці, у маладосці вёў язычніцкае жыццё і захапляўся рознымі вучэннямі. Як настаўнік рыторыкі і аратарства пераязджаў у Карфаген, Рым і Мілан, а за ім ездзіла яго маці, пастаянна молячыся аб яго навяртанні. Урэшце пад уплывам размоў са св. Амброзіем і чытання пасланняў св. апостала Паўла ён знайшоў ісціну і прыняў хрост. 
 Аўгустын як біскуп Гіппоны вёў непрымірымую барацьбу супраць заблуджэнняў, якія ў яго час пагражалі Царкве: супраць маніхеяў, данатыстаў і пелагіянаў.
 Св. Аўгустын носіць тытул вялікага заходняга багаслова першых стагоддзяў хрысціянства.
 Св. Аўгустын з’яўляецца нябесным апекуном друкароў, выдаўцоў і багасловаў.