Чаму Біблію называюць Свяшчэнным Пісаннем?Пісанне — гэта тое, што напісана; любы тэкст — гэта пісан…

Чаму Біблію называюць Свяшчэнным Пісаннем?

Пісанне — гэта тое, што напісана; любы тэкст — гэта пісанне. Прыметнік «свяшчэннае» ў наш час часта разумеюць як «чароўнае» ці «недатыкальнае». Аднак першапачаткова «свяшчэннае» азначала нешта, аддзеленае ад астатняга, што асаблівым чынам датычылася Бога. Гэта значыць, што Свяшчэннае Пісанне — гэта тэкст, які асаблівым чынам апавядае пра Бога.

Але ў чым жа гэтая «асаблівасць»? Хрысціяне вераць, што кнігі Бібліі — боганатхнёныя. Гэта азначае, што іх аўтарамі ў момант напісання біблейскіх радкоў кіраваў Сам Бог. Божае натхненне прысутнічае ў любой сапраўднай творчасці. Але пачуццё Бога, якое напаўняла аўтараў Бібліі, было настолькі моцным, што яны аказваліся здольнымі сказаць нашмат больш, чым дазвалялі ім уласныя веды і інтуіцыя. Больш за тое, боганатхнёнасць не зводзіцца да моманту нараджэння Пісання. Уся яго гісторыя, на працягу якой Біблію рэдагавалі, чыталі, разважалі над яе радкамі, — гэта таксама прастора, на якой дзейнічае Божае натхненне.

Свяшчэннае Пісанне называюць «словам Божым», але гэтае «слова» прагучала не ў пустату; яно было сказана розным людзям з рознымі мэтамі. Пісанне было «свяшчэнным», гэта значыць належала Богу, не толькі ў тую хвіліну, калі яго радкі ляглі на пергамент. Яно застаецца такім заўсёды, калі яго пасланне датычыцца чалавечага сэрца — бо ў гэтым і ёсць яго мэта.