У новым выпуску
“Хрысціянства і літаратура” айцец
Андрэй Крот працягвае знаёміць слухачоў з празаічнымі творамі Адама Бабарэкі.
Апавяданне “Цупрон Хлюст” – гэта гісторыя пра хітрага і бязбожнага савецкага міліцыянера, які хоча павянчацца з дачкой багатага селяніна. У фінале высветляецца, што ён ужо жанаты, і злачынца атрымлівае па заслугах.
У апавяданні “Шкляны бог” Бабарэка распавядае пра самагонаварэнне, якое квітнела на Беларусі ў часы ваенных і рэвалюцыйных ліхалеццяў. Саматужны выраб гарэлкі ён параўноўвае з набажэнствам – імшой шкляному богу. Гэты іранічны вобраз адпавядае хрысціянскаму разуменню алкагалізму і іншых залежнасцей. Гэта парушэнне першага Божага прыказання. Той, хто трапляе ў залежнасць ад алкаголю, наркотыкаў, азартных гульняў, робіць з іх ідала і служыць яму, забываючыся пра сапраўднага Бога, сям’ю і самога сябе.