Пачынаючы з IV ст. існуюць згадкі пра штодзённую малітву як з манаскага асяроддзя, так і з катэдраль…
Напрыклад, у адным з найстаражытнейшых сведчанняў богаслужбовага жыцця Ерусаліма канца IV ст. — «Паломніцтве Сільвіі Этэрыі» — сустракаем «дзявіц і манахаў», якія штодня ходзяць на набажэнствы сутачнага кола (вячэрню, ютрань, трэцюю, шостую і дзявятую гадзіны) у царкву Святога Уваскрасення — ерусалімскі катэдральны храм. Манахі проста прыходзяць туды і моляцца з вернымі. Розніца толькі ў тым, што вернікі могуць прыходзіць і адыходзіць у адпаведнасці са сваімі патрэбамі, а манахі прысутнічаюць на ўсіх набажэнствах, забяспечваючы такім чынам іх бесперапыннасць. Гэта нармальны спосаб функцыянавання літургічнага кола штодзённых малітваў.
Прыкладна тое ж самае можна было бачыць і ў канстантынопальскай катэдры. Амаль з самых пачаткаў там існавалі гарадскія манастыры, а імператар Юстыніян нават абавязаў клір да штодзённай малітвы ўвечары, апоўначы і раніцай, каб вернікі мелі магчымасць далучацца да малітоўнага кола. Клір павінен быў забяспечыць малітоўныя часы, а людзей заахвочвалі браць удзел у іх у адпаведнасці з уласнымі магчымасцямі.
Разам з тым, у святаайцоўскіх тэкстах ёсць заахвочванне да малітвы, хоць бы прыватнай, у вызначаныя Царквой часы пры немагчымасці наведваць агульнае набажэнства ў храме. Вядома, малітоўнікі і малітвасловы тады былі дарагім задавальненнем, ды і не ўсе былі пісьменнымі. Аднак вернікі маглі карыстацца пэўнымі агульнаўжывальнымі малітвамі, якія ведалі ўсе — «Ойча наш», храмавыя трапары, якія чулі штодня, ці ўрыўкі з псалмоў, якія часта паўтаралі падчас набажэнстваў. Ідэалам заўсёды было тое, каб царкоўная малітва нараджала прыватную, а прыватная заахвочвала да царкоўнай.