17 жніўня 1974 г., 51 год таму, у шпіталі нямецкай мясцовасці Бляўбойрэн пасля трагічнага дарожнага…
Нарадзіўся ён 15 верасня 1918 г. у Пецярбургу ў беларускай каталіцкай сям’і. Бацькі – Юльян і Зоф’я Салаўі – забяспечылі яму моцныя духоўныя асновы. У 1920-я гады сям’я пераехала ў Польшчу і Румынію, дзе юны Уладзіслаў атрымаў пачатковую адукацыю. Пазней ён вучыўся ў гімназіях Лодзі і Варшавы, вывучаў філасофію і ўсходнія навукі ў Варшаўскім універсітэце.
Перад Другой сусветнай вайной Уладзіслаў жыў у Лодзі і нават наведваў папскую Усходнюю семінарыю ў Дубне (Заходняя Украіна). З 1939 г. ён стаў клерыкам Віленскай духоўнай семінарыі, але вайна змяніла планы – вучобу прадоўжыў у нямецкай семінарыі ў Айштаце. 21 ліпеня 1946 г. у Германіі ён быў пасвечаны ў святары.
У 1955 г. Апостальскі Пасад прызначыў яго генеральным пастырам для беларусаў-католікаў у Германіі. Салавей выконваў абавязкі ў абодвух абрадах – заходнім і ўсходнім – і падтрымліваў шырокія кантакты з беларускімі святарамі і рэлігійнымі дзеячамі ў Заходняй Еўропе, такімі як Чэслаў Сіповіч, Баляслаў Слосканс і Пётр Татарыновіч.
Як удзельнік беларускага хрысціянскага руху, ён быў сапраўдным душпастырам для эмігрантаў, дапамагаючы захаваць веру, культуру і нацыянальную ідэнтычнасць у цяжкія часы пасляваеннай Еўропы. Яго жыццё – прыклад адданасці Богу і Беларусі.
На фота – крайні справа.